КАМУ́НА СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ,

форма с.-г. вытворчага кааператыва ў першыя гады сав. ўлады. Ствараліся з канца 1917 вясковымі беднякамі, батракамі і рабочымі пераважна на аснове былых панскіх маёнткаў; сав. ўлада аддавала ім гасп. пабудовы, інвентар, жывёлу. У К.с. абагульваліся ўсе сродкі вытв-сці; землекарыстанне, размеркаванне было ўраўняльным — па едаках; практыкавалася таксама калект. бытавое абслугоўванне (агульная сталовая, яслі і інш.). У членаў К.с. поўнасцю адсутнічала асабістая гаспадарка, што дазваляла пазбегнуць прыватнаўласніцкіх памкненняў. Нягледзячы на падтрымку дзяржавы і больш эфектыўнае развіццё ў параўнанні з інш. формамі калект. гаспадарак, камуны не сталі асн. формай калектывізацыі. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. ператвораны ў калгасы.

т. 7, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)